Адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Віталя Рыгоравіча Гарановіча
З нагоды 40-гадовага юбілею школы Глыбоцкім раённым выканаўчым камітэтам і раённым Саветам дэпутатаў вырашана ўвекавечыць імя Віталя Рыгоравіча Гарановіча.
22 красавіка ў нашай школе адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае адкрыццю мемарыяльнай дошкі ў гонар паэта, настаўніка, выдатніка народнай асветы, былога дырэктара трэцяй школы Віталя Рыгоравіча Гарановіча.
Гарановіч Віталь Рыгоравіч, паэт і пісьменнік Беларусі. Нарадзіўся 7 студзеня 1952 года ў вёсцы Ермакі Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. З 1959 па 1967 год вучыўся ў Ермакоўскай васьмігадовай школе. У 1969 годзе скончыў Хохлаўскую сярэднюю школу. З 1970 па 1972 год служыў у радах Савецкай Арміі. Пасля службы працаваў у выдавецтве “Вышэйшая школа”, затым - на паліграфічнай фабрыцы “Чырвоная зорка” ў Мінску.
З 1973 па 1977 год – студэнт філфака Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага. Пасля заканчэння гэтай ВНУ лёс прывёў Віталя Рыгоравіча ў Глыбоцкі раён. Напачатку з 1977 па 1979 год ён працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Задарожскай сярэдняй школы, а з 1979 па 1983 год – дырэктарам Кіраўскай сярэдняй школы. У 1983 годзе Гарановіч Віталь Рыгоравіч быў прызначаны на пасаду дырэктара сярэдняй школы №3 г.Глыбокае. Кіраваў нашай установай Віталь Рыгоравіч да 2004 года, калі быў выбраны старшынёй Глыбоцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Гарановіч Віталь Рыгоравіч з’яўляецца аўтарам пяці зборнікаў паэзіі: “Беразвечча” (1997 год), “Святло блакіту” (2002 год), “Саракі” (2007 год), “Нараджэнне вады” (2011 год), зборніка песень “Глыбоцкі вальс”, які ў сааўтарстве з Ганнай Казіміраўнай Шакола быў выдадзены ў 2003 годзе. Усе творы Віталя Рыгоравіча прасякнуты высокім патрыятызмам, гонарам за сваю Айчыну. Сродкамі мастацкага слова ён выхоўваў у чытачоў любоў да роднай зямлі, яе прыроды, паважлівыя адносіны да гістарычнага мінулага і сучасных адметнасцей Глыбоччыны.
Гарановіч Віталь Рыгоравіч за час працы праявіў сябе ўмелым арганізатарам і кіраўніком, таленавітым педагогам. У 1990 годзе ў школе былі адкрыты профільныя класы з паглыбленым вывучэннем беларускай мовы і літаратуры, матэматыкі, замежнай мовы. Пазней у нашай установе з’явіліся ліцэйскія і прагімназічныя класы.
Вучні школы, якія займаліся ў літаратурным гуртку пад кіраўніцтвам Віталя Рыгоравіча, неаднаразова перамагалі ў абласных літаратурных конкурсах, такіх, як “Зоркі Прыдзвіння”, “Лепшы зборнік літаратурных твораў” і іншых.
Ва ўстанове адукацыі сістэмна ажыццяўлялася работа па захаванні нацыянальных традыцый, культурнай спадчыны, выхаванні павагі да беларускай мовы і літаратуры ў цэлым. За час працы Гарановіча Віталя Рыгоравіча ў школе было ўведзена выкладанне агульнаадукацыйных прадметаў на беларускай мове.
У 1989 годзе Віталю Рыгоравічу было прысвоена званне “Выдатнік народнай асветы”. У 2004 годзе рашэннем раённага выканаўчага камітэта ён быў удастоены гонару быць занесеным на раённую Дошку гонару. Слынны дырэктар і паэт неаднаразова з’яўляўся дэпутатам Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў. У 2009 ён стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за кнігу вершаў “Саракі”. Віталь Рыгоравіч з’яўляецца аўтарам гімна Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, гімна Глыбоцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ”.
На адкрыцці памятнай дошкі прысутнічалі Галіна Уладзіміраўна Унуковіч, старшыня Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта, Алена Усцінаўна Шалонька, намеснік старшыні райвыканкама, Аляксандр Сяргеевіч Суханаў, старшыня Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Таццяна Вячаславаўна Гаўрылава, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму, работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, вядомы беларускі паэт Анатоль Зэкаў, глыбоцкія пісьменнікі, ветэраны педагагічнай працы, родныя Віталя Рыгоравіча, выпускнікі школы, аматары творчасці паэта.
“Адкрываючы мемарыяльную дошку, - адзначыла Галіна Уладзіміраўна, - мы ў чарговы раз выражаем павагу і выказваем удзячнасць Віталю Рыгоравічу за талент, жыццёвую мудрасць, прыклад любові да роднай мовы, Радзімы, адзначаем, што яго добрыя справы – важная старонка гісторыі Глыбоцкага раёна. ”
На мерапрыемстве прагучалі шчырыя словы, успаміны сталічнага паэта Анатоля Зэкава, журналіста, драматурга Уладзіміра Савуліча, якія добра ведалі гэтага таленавітага чалавека, сябравалі з Віталем Рыгоравічам.
Падчас урачыстасці вучні адзінаццатых класаў чыталі вершы паэта. У выкананні самадзейнага кампазітара Ганны Шаколы прагучала песня на словы Віталя Рыгоравіча “Глыбоцкі вальс”.
Лілія Анатольеўна Гарановіч падзякавала райвыканкаму, аддзелу адукацыі, спорту і турызму, педагагічнаму калектыву школы за адкрыццё мемарыяльнай дошкі.
Дырэктар школы Васілій Аляксандравіч Любоза выказаў словы падзякі за падтрымку арганізацыйным структурам беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, выпускнікам і настаўнікам.
{gallery}Volynec_Volha/2016-2017/memorial_g{/gallery}