Урок спагады і дабрыні
Мая бабуля Валя і дзядуля Валодзя жывуць у вёсцы Рудава Браслаўскага раёна. Летам я з задавальненнем еду да іх у госці, бо ў вёсцы вельмі добра адпачываць і можна цікава бавіць час.
У нашым двары, ля самай хаты, некалькі гадоў таму буслы збудавалі гняздо. І цяпер кожную вясну гэтыя прыгожыя птушкі прылятаюць да нас. Я люблю назіраць, як яны рамантуюць сваё жытло, як з’яўляюцца бусляняты, як дзеткі падрастаюць, а бацькі-буслы клапоцяцца пра іх. Сёлета, у чэрвені ў дружнай буслінай сям’і здарылася бяда. Падчас навальніцы і моцнага дажджу вецер сарваў гняздо са слупа, і трое маленькіх буслянят прыціснула да зямлі. Бабуля і дзядуля гэта заўважылі і не разгубіліся. Не зважаючы на непагадзь, выбеглі на двор. Самі “да нітачкі” прамоклі, як расказвала пасля бабуля, але параненых і спалоханых буслянят аднеслі ў хлеў. На гэтым, праўда, клопаты бабулі і дзядулі не скончыліся. Птушкі асвоіліся і праз колькі дзён сталі выходзіць з хлева, а потым аблюбавалі сабе месца ў бульбоўніку. Дзядуля зрабіў для іх у баразне гняздо з сена. Дарослыя буслы колькі часу назіралі за тым, як бабуля і дзядуля клапоцяцца пра птушанят і неўзабаве сталі смела прылятаць на падворак, каб пакарміць сваіх дзетак. Бусляняты з кожным днём набіраліся сілы, а іх бацькі тым часам ладзілі новае гняздо, куды неўзабаве і перасяліліся.
На двары жнівень. У нас, школьнікаў, заканчваюцца летнія канікулы, а нашы буслы збіраюцца ў цёплыя краіны. Бабуля і дзядуля гавораць, што будуць вельмі без іх сумаваць, бо за лета прывыклі да птушак. Ды і буслы даўно не баяцца сваіх выратавальнікаў і смела ходзяць па двары.
Я і зараз успамінаю гэты выпадак і ганаруся сваім дзядулем і сваёй бабуляй, працавітымі, добрымі, нераўнадушнымі людзьмі.
Мікіта СІМАНКОВІЧ,
вучань 3 “А” класа СШ №3