У нашай школе існуе валанцёрскі атрад "Добрае сэрца", у складзе 21 чалавека, членаў РГА БРСМ. Вялікую ўвагу мы надаём рабоце з ветэранамі, адзінокімі пажылымі людзьмі.
12 лістапада адбылася сустрэча з цікавай жанчынай. Вольга Пятроўна Кордас – маці, бабуля, прабабуля, але па-ранейшаму юная душой, няўрымслівая, разумее сучасную моладзь і стараецца ісці ў нагу з часам. Зараз ёй больш 80 гадоў, але яна выглядае і адчувае сябе выдатна. Ветэран працы Вольга Пятроўна Кордас вядомы чалавек на Глыбоччыне. Пачынала свой працоўны шлях у Галубічах рахункаводам у сельскім Савеце дэпутатаў.
- Лёгка ніколі не было, - прызнаецца жанчына. – Рана засталася без бацькі. Таму, я, мае брат і сястра вельмі сур'ёзна дбалі пра далейшы самастойны жыццёвы шлях.
У 1961 годзе перайшла ў бухгалтэрыю мясцовага лясніцтва. Вольга Пятроўна прызнавалася адным з лепшых галоўных бухгалтараў лясгасаў вобласці. Аб чым сведчыць мноства падзяк і Ганаровых грамат ад кіраўніцтва раёна і вобласці.
Працавітая, адказная, гаспадарлівая, добрая душой жанчына, застаецца ўзорам прафесійнага майстэрства, чалавекам актыўнай грамадскай пазіцыі, прыкладам прыстойнасці.
Вольга Пятроўна рассказала нам як уступала ў камсамол, як моцна хвалявалася, калі атрымоўвала камсамольскі білет. У жыцці адначасова з бухгалтарскімі справамі удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, спартыўных спаборніцтваў па валейболе, веласпорце. Яна імкнулася быць у гушчыні ўсіх падзей.
Багацейшы вопыт, прафесійнае майстэрства аднаго з лепшых спецыялістаў-фінансістаў як найлепей спатрэбіліся ў час станаўлення маладзёжнай арганізацыі раёна. Працавала бухгалтарам у раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі". Вольга Пятроўна захоўвае як ганаровую памяць падзяку "За асабісты ўклад і развіццё глыбоцкай раённай арганізацыі Грамадскага аб'яднання "БРСМ", а таксама грамату "За шматгадовую, добрасумленную працу і асабісты ўклад у станаўленні і развіцці глыбоцкай раённай арганізацыі Грамадскага аб'яднання "БРСМ". Тры гады з БРСМ вярнулі жанчыну ў камсамольскае юнацтва.
Сёння Вольга Пятроўна радуецца добрым здабыткам таленавітых, цікаўных, мэтанакіраваных маладых людзей Глыбоччыны.
- За імі – будучыня, - гаворыць ветэран працы.
Сустрэча з Вольгай Пятроўнай была для нас вельмі цікавай і карыснай. Мы падаравалі добры настрой жанчыне. Антон Танаеў праспяваў песню "Глыбоцкі вальс" і прачытаў верш "Глыбокае...хто даў табе імя такое...".